Глыбінныя карані радаводу Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі бяруць пачатак з канца XІX – пачатку XX стагоддзя, калі ў настаўніцкім асяроддзі сталі ўтварацца настаўніцкія суполкі.

У связі з забаронай да 1905 – 1907 гг. любой незалежнай ад улады палітычнай і грамадскай дзейнасці першыя прафсаюзныя аб’яднанні былі нелегальнымі альбо дзейнічалі ў якасці кас узаемадапамогі, дабрачынных арганізацый і г.д. На настаўніцкіх курсах у настаўніцкім асяродку часта ўзнікалі не толькі ідэі арганізацыі, уз’яднання, згуртавання, але і ствараліся прафсаюзныя гурткі.

У гэты перыяд утвараліся, аказвалі неабходную дапамогу педагогам (грашовую, у тым ліку і на лячэнне, аздараўленне, прафесійную адукацыю дзяцей настаўнікаў, прадастаўленне ім інтэрнатаў на перыяд навучання, арганізацыю санаторнага лячэння педагогаў і г.д.) таварыствы ўзаемадапамогі настаўнікаў народных вучылішч Віленскай (1899 год), Віцебскай (1897), Гродзенскай (1899), Мінскай (1901) і Магілёўскай (1900) губерняў. Сродкі ў таварыствы паступалі не толькі за кошт унёскаў і дабраахвотных ахвяраванняў, але і ад гарадскіх упраў. Ужо тады такія таварыствы да ліку “слабых месцаў сумленнага работніка, народнага настаўніка” адносілі “поўнае няведанне імі сваіх правоў і абсалюдную бездапаможнасць у вырашэнні пытанняў, якія ставіць жыццё”. Гэта, а таксама неабходнасць кансалідацыі настаўніцтва, падштурхнула да правядзення ў 1903 годзе Усерасійскага З’езда таварыстваў узаемадапамогі. З мэтай паляпшэння ўмоў працы настаўнікаў, павышэння ўзроўню іх адукацыі і ўмацавання настаўніцкіх аб’яднанняў на З’ездзе было прынята рашэнне аб падрыхтоўцы Статута Усерасійскага Саюза настаўніцкіх таварыстваў.

Працэс развіцця прафсаюзанага руху ў асяроддзі педагогаў актывізаваўся пад уплывам нарастаючага рабочага руху, у сувязі з драматычнымі падзеямі першай рэвалюцыі ў Расіі. У 1905 годзе на Устаноўчым з’ездзе было абвешчана стварэнне Усерасійскага саюза настаўнікаў і дзеячаў народнай адукацыі. Фактычна быў створаны Прафесійны саюз настаўнікаў і дзеячаў народнай адукацыі.

Уздым актыўнасці прафесійнага руху педагогаў Беларусі прыпаў на 1906 год. 13 чэрвеня на губернскім з’езде настаўнікаў у г. Віцебску, на якім прысутнічалі больш за 300 дэлегатаў, быў створаны настаўніцкі саюз, выбраны дэлегаты на Усерасійскі з’езд настаўнікаў. У сяле Мікалаеўшчына Мінскага павета збіраецца першы настаўніцкі з’езд Мінскай губерні, які паклаў пачатак стварэнню настаўніцкага саюзу ў Мінскай губерні. Сход быў нешматлюдны, праводзіўся нелегальна і быў разагнаны паліцыяй пасля прыняцця Статута, які ставіў не толькі прафесійныя, але і палітычныя мэты.

Адзін з арганізатараў з’езду – будучы класік, Народны паэт Беларусі Якуб Колас (К. Міцкевіч). У жніўні адбыўся другі з’езд саюза ў Мінску. Ён быў скліканы пры ўдзеле сацыялістычных арганізацый. Пасля большасць яго ўдзельнікаў былі заключаны пад варту Віленскай Судовай палатай. І гэта толькі найбольш яскравыя прыклады працэсаў, што адбываліся ў настаўніцкім асяродку ў той перыяд.

У аб’яднанні сваіх намаганняў дэмакратычна скіраваная педагагічная грамадскасць бачыла галоўную ўмову заваёвы элементарных грамадска-палітычных і сацыяльна-эканамічных правоў і свабод, паляпшэння ўмоваў жыцця работнікаў сферы адукацыі.

Да канца мая 1907 года на тэрыторыі пяці губерняў Беларусі існаваў 101 прафсаюз, які аб'ядноўваў 14533 члена. Сярод іх значнае месца занялі настаўніцкія саюзы. Змушаны лічыцца з ростам прафсаюзнага руху, царызм рабіў усё, каб не дапусціць яго развіцця ўшыркі і ўглыб, максімальна абмяжоўваючы як правы, так і саму магчымасць стварэння прафсаюзаў. Царскі ўрад 4 сакавіка 1906 года прымае "Часовыя правілы аб прафесійных таварыствах", якімі, у прыватнасці, устанаўлівае забарону на стварэнне прафесійных аб'яднанняў настаўнікаў, прыраўніваючы педагогаў да дзяржслужачых.

Да 1917 года прафесійныя аб'яднанні педагогаў мелі схаваныя формы (педагагічныя таварыствы, касы ўзаемадапамогі), але ахаплялі ўжо больш значныя колы настаўніцтва. Такія аб'яднанні нярэдка зачыняліся ўладамі пры першым жа падазрэнні на нелегальную дзейнасць.